Кафедра графікі
Графіка — адзін з самых папулярных відаў выяўленчай творчасці, са сваёй адметнай спецыфікай. Таму заснаванне кафедры графікі на мастацкім факультэце Беларускага тэатральнамастацкага інстытута ў 1953 годзе стала значнай падзеяй у станаўленні нацыянальнай мастацкай школы. Першы выпуск адбыўся ў 1959 годзе. Усяго за час свайго існавання кафедра падрыхтавала каля двухсот мастакоў станковай і кніжнай графікі.
Большасць выхаванцаў кафедры сталі членамі Беларускага саюза мастакоў, актыўна ўключыліся ў творчае жыццё краіны. Сярод іх народныя мастакі Беларусі лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь А. Кашкурэвіч і В. Шаранговіч; доктар мастацтвазнаўства В. Шматаў (узнагароджаны медалём Ф. Скарыны); заслужаныя дзеячы мастацтваў Рэспублікі Беларусь Л. Асецкі, С. Волкаў, У. Савіч і многія іншыя.
Кафедра захавала і актыўна выкарыстоўвае практычныя напрацоўкі розных відаў заняткаў — акадэмічных, пленэрных, капійных, вытворчых, якія спрыяюць развіццю творчых задаткаў маладых людзей і спрыяюць фарміраванню іх як прафесійных мастакоў. У сваёй творчасці пераважная большасць выпускнікоў графічнага аддзялення звяртаецца да станковай, кніжнай, камп’ютэрнай і прыкладной графікі.
У работах выхаванцаў кафедры знаходзяць яскравае ўвасабленне крышталізацыя ідэй нацыянальнай мастацкай школы графікі, імкненне спасцігнуць сутнасць з’яў жыцця, пафіласофску асэнсаваць і абагульніць факты рэчаіснасці.
Дасканалыя і высокамастацкія праявы ў малюнку, жывапісе, афорце, літаграфіі, лінагравюры, шрыфце, выкананне твораў з дапамогай шырокага спектра класічных і сучасных тэхнік і тэхналогій, дасягненне мноства стылявых, вобразнапластычных адкрыццяў і знаходак — усё гэта сведчыць аб высокім узроўні беларускай школы графікі. Праяўляецца павышаная цікаўнасць да графічных матэрыялаў, тэхнічных прыёмаў як адных з актыўнейшых сродкаў пластычнага раскрыцця вобраза.
Сёння кафедру ўзначальвае вядомы беларускі мастакграфік заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь прафесар У. Савіч. Разам з ім працуюць дацэнты В. Слаук (лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь), У. Вішнеўскі, В. Сідарава, Ю. Хілько; старшы выкладчык Т. Сіплевіч.