Беларуская Дзяржаўная Акадэмія Мастацтваў
Рычард Баляслававіч Смольскі,
рэктар Беларускай дзяржаўнай
акадэміі мастацтваў,
доктар мастацтвазнаўства, прафесар.
Крыніца чысціні і святла
15 мая 2003 года Акадэмію мастацтваў — alma mater многіх выбітных дзеячаў нацыянальнай мастацкай творчасці — наведаў Прэзідэнт нашай краіны A. Р. Лукашэнка. Ён агледзеў творчыя майстэрні і лабараторыі будучых мастакоў, дызайнераў артыстаў, вучоных-мастацтвазнаўцаў , пагутарыў са студэнтамі, выкладчыкамі, затым у актавай зале выступіў з лекцыяй на тэму «Дзяржава і творчая асоба», адказаў на шматлікія пытанні. Гэта сустрэча працягвалася больш за пяць гадзін і назаўсёды запомнілася яе ўдзельнікам. Нас, выкладчыкаў, супрацоўнікаў, студэнтаў і аспірантаў, ахапіла пачуццё гонару калі мы з вуснаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь пачулі словы аб там, што «Акадэмія мастацтваў — гэта творчы, навуковы і вучэбны цэнтр падрыхтоўкі спецыялістаў практычна ва ўсіх відах прафесійнага мастацтва. Цэнтр, які выконвае першарадную ролю ў фарміраванні творчай інтэлігенцыі нашай маладой незалежнай, суверэннай дзяржавы».
Творчая асоба — мастак, пісьменнік, артыст, музыкант, дызайнер, іншы творца — заўсёды карысталася павагай і аўтарытэтам сярод людзей цывілізаванага свету. Галоўная прычына такога стаўлення да яе, на мой погляд, палягае ў тым, што створаная ім своеасаблівая крыніца чысціні, святла, гуманізму — мастацтва — заўжды дапамагае думаючаму чалавеку жыць на зямлі, сцвярджаць ідэалы прыгажосці, гармоніі, дабра, справядлівасці.
Усім нам важна памятаць: высокапрафесійнае, гуманістычнае мастацтва — гэта фенаменальная з'ява, выкліканая да жыцця прыродай чалавека. Яна надае высакароднасць індывідууму, удасканальвае грамадства, умацоўвае дзяржаву, гарманізуе цывілізацыю і натхняе яе на развіццё.
У мяне ёсць усе падставы сказаць: Акадэмія мастацтваў вось ужо сёмае дзесяцігодцзе верай і праўдай памнажае энергію гэтай фенаменальнай з'явы.